Стихотворения Дануты Бичель-Загнетава

ДАБРАВЕСЦЕ

Наш край дачакаўся збаўлення нарэшце,
прынесла нам сонейка добрыя весці.
Вясна пасадзіла каткоў на вярбінку,
а сонечны зайчык нагрэў сабе спінку.
Выходзяць папасвіцца дрэўцы і птушкі,
вясёлка расчэсвае косы-істужкі,
на дужках вясёлкі гайдаюцца пчолкі,
абраз Маці Божай малююць анёлкі.
Хіба што змянілі сівыя стагоддзі
у шчэбеце птушак, у квецені бэзу
з таго Дабравесця, як з Неба прыходзіў
Пасланец сказаць, што народзіцца Езус?

***

Рвала вішні недаспелыя,
хваліла.
Салодкія, пунсовыя спяліла
маладому задаваку, што па ночы
і прысніць мяне не хоча.

Аднойчы вольны жораў занудзіўся
не па высях,
вінавата на парозе ён з’явіўся:
— Дай напіцца, прыгубіцца…

Ёсць крынічная вадзіца.
Паднясу яму кісліцы
з прыгаворам:
— Чым багаты, тым і рады.
Да аскомы пі, журботы памагаты.

***

У летуценнях
вёсны надта сонечныя.
Наяве
вёсны абагрэты сончыкамі,
грамамі
і таўкачыкамі польнымі,
чаканнем радасці —
канікуламі школьнымі.

А хто быў ты?
Кім я была —
не помніцца…
Збавіцелькай тваёй
была палонніца.

Загадак многа
пад цыганскім сонцам —
так месяц называецца, —
на моцным
сіберным ветры…
Вечар ці світанне?

Далёка захапленне
ад кахання?

***

Моўчкі зоры сышліся на веча,
аніякага знаку здаля.
Нам назначана, любы,
сустрэча:
век дваццаты,
планета Зямля.

Без твайго існавання —
руіна.
На высокім цярпенні згару.
Як пазнаць,
падказала краіна:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.

Мы істоты адной —
дзве паловы.
Дзе ты —
ў слоце, у стыні, цяпле?
He знайду —
увасоблюся ў словы.
Толькі словы на месцы цябе.

***

Любы, не шкадуй мяне так доўга.
Каб да сэрца сэрцам не прысох,
супыніўшы коніка гнядога,
адпусці на нёманскі пясок.

Вернешся гасцінцамі старымі –
церпкі і гарачы, бы віно.
Берагам, што мы з табой стварылі,
стромым і пяшчотным заадно…

З туманоў даліначкі-даёнкі
напаі світальнага каня.
Нашых чыстых рэк разбег далёкі,
паміж іх – любоў, нібы канал…

Развітання золкае світанне.