Стихотворения Ларисы Гениюш (на белорусском языке)

ЗАГАД

Ураджай шумлівы на палёх,
лугі і рэкі, і азёры,
і магутнéйшы бор ад бору –
ўсё гэта даў нам добры Бог.

БЛАГАСЛАВЕННЫ КРАЙ НАШ

Благаславенны край наш ад азёраў сіні:
Лугоў раздольле ды шырокі стэп,
Сынам даючыя жыцьцё жанчыны
І нівы, родзячыя хлеб.

Благаславенныя лясы нашы і рэкі,
Наш белы сад, блакітныя ляны.
Благаславенныя заўсёды і навекі
Краіны нашай верныя сыны!

Адвечныя шляхі маёй Айчыны,
Мячы і кнігі Белае Русі,
І гарады, дзе родзяцца Скарыны,
Сялібы, скуль выходзяць Кастусі.

Благаславенныя старыя ў пушчах дрэвы,
І мовы роднай найсьвяцейшы скарб.
Старой зямлі старэйшыя напевы
І продкі нашы, што ў курганах сьпяць.

Авёс вяцісты, нівы жыта,
пшаніцы звонкае калоссе
і шмат дароў багатых ўвосень
з зямелькі плодна-сакавітай.
І хаты роднае парог,
красу дзяўчатам нашым мілым,
а дзецюкам буйную сілу –
ўсё гэта даў нам добры Бог.
Даў наквець белую садоў,
багацце песняў мілагучных,
а ў сэрцы даў агонь пякучы
кахання да зямлі дзядоў.
І даў загад нам добры Бог:
каб кожны моцнаю рукою
араў загон ды сеяў волю
і родную зямлю сцярог.

КУФАР

Быў час ў маім Краі
сягоння туманны,
аднесены хваляй,
час прадзены, тканы.

Працоўныя рукі
каханай матулі
усіх накармілі,
усіх апранулі.

Ад лёну зярняці
да белых палотнаў
паслала, спрала,
паткала ахвотна.