Переписка Ларисы Гениюш с Николаем Прашковичем (на белорусском языке)

Ларыса Геніюш. Лісты з Зэльвы

Перапіска Ларысы Геніюш з Міколам Прашковічам

Ларыса Геніюш любіла пісаць лісты. Жывучы ў Зэльве з пазнакай у пашпарце “без грамадзянства”, яна ня мела права паехаць да сяброў у Чэхію ці да брата ў Вялікабрытанію. Ёй, засумавалай у лагеры па людскіх кантактах, заставалася толькі права пісаць – вершы, успаміны, лісты. Эпісталярная спадчына паэткі велізарная: у будучым зборы твораў яна зойме тамоў з пяць, як найменей. У драўляны дамок на вуліцы Савецкай (былой Царкоўнай) у Зэльве цягнуліся невідочныя нітачкі ад беларусаў з усяго сьвету. Духоўнай падтрымкі ад паэткі чакалі суайчыньнікі ў Мельбурне, Рыме, Лондане, Нью-Ёрку, Празе, Вільні, Вроцлаве, Львове… Сотні лістоў з розных краінаў і кантынентаў сьпяшаліся ў звычайнае заходнебеларускае мястэчка, сотні лістоў з Зэльвы адляталі ў далёкія выраі. Калі ў серыі “Беларускі кнігазбор” у 2000 годзе пабачылі сьвет “Выбраныя творы” Л. Геніюш, дзе былі зьмешчаныя 42 лісты паэткі, чытачы і рэцэнзенты дружна зьвярнулі ўвагу на геніюшаўскі эпісталяр як на своеасаблівы працяг “Споведзі”. Ад аднаго з выдаўцоў нават паступіла прапанова выдаць лісты Геніюш асобнай кнігай. Праца па яе складаньні пачалася, аднак незабаўнага выніку чакаць не даводзіцца. Лістоў вельмі шмат, выяўленьне іх, а таксама пошук доступу да іх, вымагаюць часу. Асобнае месца ў эпісталярнай спадчыне Л. Геніюш займаюць лісты да Міколы Прашковіча – па ступені адкрытасьці яны ня маюць сабе роўні. Паэтка дзялілася з маладзей-шым сябрам усімі сваімі жыцьцёвымі клопатамі і трывогамі. У яго асобе мела яна і дасьведчанага крытыка – Прашковіч працаваў у Інстытуце літаратуры АН Беларусі, сур’ёзна займаўся старажытным пісьменствам. Пасьля адзінаццаці гадоў працы яго звольнілі, зьвінаваціўшы ў “беларускім нацыяналізме”. Жыцьцё пад наглядам сьпецслужбаў – і гэта яднала іх, шчырых патрыётаў.
Праз два месяцы пасьля трагічнай сьмерці М. Прашковіча (загінуў пры пажары ў роднай вёсцы), у тым жа 1983 годзе адышла ў лепшы сьвет і Л. Ге-ніюш. Прапанаваныя чытачам “Дзеяслова” 13 лістоў паэткі да сябра, якога яна называла “чалавекам вялікай шчырасьці, скромнасьці і эрудыцыі, што дзейна кахаў Бацькаўшчыну і праўду”, друкуюцца з ласкавай згоды сп. Алены Гайко – дырэктаркі гарадзенскага Дому-музею Максіма Багдановіча, дзе яны і зьберагаюцца.

Зэльва, 31 студзеня 1966 г.

Добры дзень, сябра Мікола!
Ужо з гэтых нэрваў рука мне дрыжыць, калі пішу, ня слухаецца… У суботу ізноў была “атака” на мужа1, сяньня пакуль спакойна. Дарагі дружа, калі па-прашу Вас зьвярнуцца да М.Т.2, зьвернецеся. Пакуль пачакайце. Прашу Івана Пятровіча аб адным: каб лячыў і як мага найлепей. Ён стараецца і маўчыць. Устыд турбаваць М.Т. Мой ліст да яго быў крыкам роспачы і мне сорамна, што лішні раз не хапіла сілаў закусіць вусны… Так нельга. Трэба ўсё на сьвеце стрываць, бо боль наш – толькі на пацеху злым людзям. Буду ўсё пісаць Вам, бо сэрца маё ня вытрымае, калі ізноў нешта.
А цяпер давайце пасварымся. За колькасьць цукеркаў, за кошты! Дазва-ляецца толькі 100 грам! Ці ж можна гэтак? Усе вы на свой лад мяне злуеце…
Была ізноў сястра. Не падабаўся ёй мой муж: “Милая, да ты его брось, ты еще хорошо выглядишь, вот мужика найдешь – сама помолодеешь…”. Безумоўна, з гэтай гутаркі пішу Вам толькі самае прызваітае. Ну і ну, сколькі пражыла, ня чула нічога падобнага! І сьмех, і гора. Хацела, каб я ехала зь ёю ў Якуцію, на Алдан… Хіба там мне ўжо быў бы канец. Юра3 яе бачыў, нішто сабе, высокая, тоўстая, намалёваная. Здаецца-такі сястра, бо ўжо вельмі падобная на дзядзіну. Аб іх многа трэба было б гутарыць. Баюся, што яшчэ вернецца, але можа не, бо са мною здарылася пагана, быццам нехта прытравіў. Усю ноч былі рвоты і болі, і каб не бутэлька кефіру і пачка лекавага вугля, дык было б пагана… Гэта другі раз у жыцьці. Першы раз прытравіў мяне так у сябе за сталомЕрмачэнка1. Паласкалі жалудак і ледзьве выратавалі. Ён хацеў, каб я ехала туды, гдзе ён выслаў майго мужа, а я – не! Кажа: напішэце верш для мяне. А я: пашквіль хіба, бо лепшага вы ня варты. І пачалося… Мне тады трэба было паслаць праз яго мужу крыху ежы і лякарстваў і ліста, бо пошта з Прагі туды не хадзіла… І цяпер гэта сталася ноччу, муж быў на дзяжурстве. Сястра спалохалася і ўцякла рана, паехала… Яшчэ чуюся не зусім добра. Ня бачыла Юркі ад таго часу, бо і ён з намі абедаў, але болей нікому нічога ня сталася! Усё гэта дзіўна… Учора прыязджалі зь сяла каля нас клікаць на вясельле. Не забываюць! Вось калі б хто прыехаў з вас на нядзелю, 6 лютага, паехалі б па фальклёр гродзенскі. А наша мясьціна, тыя вёскі – амаль яшчэ запаведнік! Знайшлі б яшчэ цудоўныя андаракі і многа цікавага! Сама не паеду, баюся, а Івана Пятровіча той нехрыст ня пусьціць. Пытаюся ў маладое, ці будуць добрыя музыкі? Кажа: найлепей грае на вясельлях арганіст са сваёй капэляй, але да “рускіх” ні за што ня езьдзіць, адно да “палякаў”… Ах, каб ты прапаў, з чалавекам такім! І вось з гэтакай чмутою да камунізму… І гэта, бачыце, можна, а быць беларусам – амаль ужо гвалт! Пытаюся: колькі гарэлкі, літраў 10-20? “Што вы, у нас род вялікі, трэба 100 літраў!” Жывуць няблага, апранутыя і абутыя ды, як бачыце, і пагуляць маюць за што. Загневаюцца насьмерць, калі не прыеду, але баюся, лепш – не. Цешыць мяне толькі сардэчнасьць, зь якою зьвяртаюцца, лічаць за родных паводле сваіх меркавань. Цукеркамі ўсіх пачаставала, а рэшту схавала для гасьцей, якіх усё ж вельмі чакаем, хаця няпэўныя, ці прыедуць, трэба Юры выстарацца працу. Кнігі ад Вас атрымалі, пісала аб гэтым нявестачка. Міхаська2 на здымачках – як націначка, худзенькі, як кноцік, каб хоць крышачку яго адкарміць. Я ім напісала, што калі цяжка прыехаць, дык няхай мяркуюць па- свойму, а бацька чакае – не дачакаецца…
У больніцы была праверка і пасьля сабраньне. Быў аблздраў і дама з абкома і др. Бацька выступаў і сказаў: “Жыў я доўга, быў усюды, і ў лягеры, але нават надзірацелі нада мною так ня зьдзекаваліся…” […]
Вы кажаце, сябра Мікола, каб друкавацца, так? А вы падумалі, мой сябра, як пісаць у такіх варунках? Які ўзровень такое працы, непрадуманае, злоснае, інстынктыўнае толькі? Лепш не! Прыйдзе вясна, можа спакойней стане, — тагды. За ўсё, за ўсё Вам дзякую! Найболей за добрае слова! Хочацца ўрэшце напісаць сонечнага, харошага ліста, а я ўсё ныю. Яшчэ напішу. Цешуся, што маеце многа працы, усё напісанае Вамі люба і радасна чытаць! Жадаю посьпеху ў працы, у друкаваньні.
Бывайце здаровыя.
Ваша Л.Г.

Зэльва, 11 лютага 1966 г.

Добры дзень, сябра Мікола!
Ліста Вашага я атрымала. Дзякую Вам за ўсё, за ўсё. Пакуль што ў нас ціха і муж працуе нармальна. Здаецца, што ў Зэльве Даніленка ізноў зьбіраецца застацца галоўурачом раёна і крыху прыпыніў свае рафінавана-мадэрныя мучэньні яму падуладных. Ня ведаю, ці ў якой другой дзяржаве мог бы быць лекарам садыст і невук, ды жулік пры тым. Ён, відно, як і Герцовіч1, на Беларусі вечны. Што ж, мэтады старыя. Памятаю, у лягеры днявальная ўкраінка, калі я прыносіла ў сушылку высушыць свае ўбогія лахманы, казала мне: “Вы, п. Ларысачка, прыносьце мне высушыць усё тайна, каб ніхто ня ведаў, ня бачыў. Нам ёсьць загад вам і Олі Мароз (цудоўная ўкраінка) нічога не сушыць, а травіць вас і мучыць…” Ноччу прыходзіў надзірацель і пяць надзорак, я злазіла з нар. Надзірацель, часьцей гэта быў Прасьветаў, забіраўся з ботамі на мае ўбогія нары, шукаў там і забіраў кожны кусочак паперы, газэты, алавічок. Пасьля цягнулі мяне ў бур (гэта вязьніца ў лягеры на 200 гр. хлеба ў дзень). Я ўпіралася, сварылася зь імі. Калі мяне прывалакалі, дык загадчык бура, нейкі ціхі старэнькі Кабылін, казаў: “Не, яе ў бур не вазьму. Няма на гэта загаду начальніка рэжыму”. Мяне адпускалі. Я зьбірала і рассьцілала матрас, падушачку са стружак і на лахмане старэнькай простынькі замывала халоднай вадой сьляды ад надзірацелевых ботаў. У куточку выцірала сьлёзы дзяжурная днявальная і ціха малілася, каб Бог даў сілу “видэржати п. Ларисі”. Так бывала ня раз і ня два… Калі выклікала мяне якая “знаць”, дык яна, звычайна, “нічога пра гэта ня ведала”. Аднойчы запытаўся ў мяне нейкі высокі рыжы яўрэй (хто ён і адкуль – ня ведаю, але нехта важны), ці я пасьпела за 6 лет лягеру палюбіць савецкіх людзей? Я толькі спытала: Прасьветава? Я тагды хахатала, гуляла з агнём, мне хацелася, каб яны хутчэй мяне прыкончылі… Аднойчы паклікаў мяне той Прасьветаў на вахту і неахвотна аддаў дзе-якія мае рэчы. Буркнуў пры гэтым: “Я знаю, што вы ў пяць разоў разумнейшая за мяне, але я надзірацель…”. Пасьля нас сем чалавек штрафнікоў адвезьлі ў Абезь (і Олю Мароз). Там не было лепей.
Дык вось, цяпер пакуль што правакацыі кончыліся. Што будзе далей – ня ведаю… Стала крыху раўней пісаць. Спакайней крыху. Жаль, што хворы М.Танк, але пры яго магчымасьцях можна лячыцца і вылечыцца. Спадзяюся, што ў яго нічога страшнага, тым болей, што ён маральна задаволены, у сваёй стыхіі, і ёншчасьлівы. Гэта памагае чалавеку жыць і выжыць. Я пабіла крыху чало і нос. У нядзелю вечарам пайшла па воду (муж жа мыецца кожнай раніцы да палавіны), была такая сьлізота! Я ўпала і калі хацела падняцца, трэснулася лобам і носам аб лёд. Паабдзірала рукі і з акрываўленым, брудным ад лужы тварам, з напоўненымі вёдрамі ледва прыйшла дахаты. Іван Пятровіч спалохаўся і сказаў, што мог бы раз і ня мыцца да палавіны… Ну што ж, аб ягоным “вя-лікадушшы” я ня ведала. Лоб гоіцца добра, аднак галава баліць.
Ад Юры няма лістоў. Як і калі прыедуць – яшчэ ня ведаем. Хочацца іх бачыць, але калі не прыедуць, значыць, так лепей для іх. Можа, там цяжкасьці сыну з працаю.
Трымайце Быкава! Між іншым, прышлеце мне афіцыяльны погляд на твор Быкава, г.зн. стацьцю Герцовіча. Гдзе яна друкавалася? Можа, я яе тут не знайду? Мне здаецца, што ў Быкава ёсьць кусок дастаеўшчыны, беручы пад увагу ягоны аналіз сучасьніка, яго псыхалёгію людзей і вечна жывучых сахно. Мала беларускасьці ў яго творах, але затое многа чалавечнасьці. Нам, пэўна, ужо час крыху адрывацца ад сялянскага, любага парогу бацькоў і выходзіць на шырокую арэну вялікіх, агульналюдзкіх тэмаў. Кожны можа даць толькі тое, на што ён здольны і што зьяўляеца яго стыхіяй. Стыхія Быкава – гэта бічаваньне бесчалавечнасьці, хамства і нізасьці ў людзях. На вайне асабліва. Так званыя “важакі” – гэта рызыкоўная справа. Яны часта падыходзяць да явішчаў жыцьця зь езуіцкіх меркаваньняў: “Мэта апраўдвае сродкі”. “Важаком” у харошых народаў ёсьць права, права і яшчэ раз права і кожны яму мусяе падпарадкоўвацца. Права і сумленьне. Быкаў лечыць гэтыя балячкі бесчалавечнасьці на целе грамадзтва. Ён ускрывае іх дасканала. Ён думае на будучыню і творыць сапраўды прататыпы. Я больш цаню Быкава, чымсьці яго люблю. Я вельмі люблю Брыля і Карпюка, але цаню іх меней за Быкава. Так, не баліць толькі мёртвым! Быкаў адчувае і нясе адказнасьць за лепшага чалавека Сурава, “праполвае” грамадзтва, і гэта вялікая справа. Ён – глыбокі аналітык, амаль геніяльны, як само жыцьцё. Ён жа і бярэ іх з жыцьця цаліком! Яму баліць, і ў творчых муках яму вельмі цяжка. Яму вельмі патрэбнае разуменьне і любоў сяброў! Галоўнае – разуменьне. Вы ж усе там на ўзроўні, каб адчуць яго, зразумець і моцна сьціснуць яго шляхотныя рукі. Не шкадуйце для яго добрых пачуцьцяў і разумнага мужнага слова! Танных і бязважкіх слоў ён ня любіць, ня прыме. Я знаю, што сустрэча ў вас і абмеркаваньне яго твору будзе на вышыні яго творчасьці і глыбіні наагул. Жадаю ўдачы, сябра Мікола!
Ці чытаеце Лэсю Ўкраінку? Як вам падабаюцца яе творы? Ці ведаеце, што я дружыла ў Празе зь яе сястрой п. Оксанай Пэтривнай Косач-Шимановскай? Пасьля пазнаёмілася яшчэ зь дзьвюма яе сёстрамі.
У нас маразы-маразішчы! Адно шчасьце, што дзяды ўмелі рабіць печы, і мы ў хаце грэемся як на дзіва. Муж усё крыху “з мухамі”, усё крыху ня так. Ну нічога, яно не сьмяртэльна, ды і я, відно, далёка не дасканалы чалавек, злосны. Так мне хочацца паехаць з Вамі ў Львоў. Буду думаць, што гэта магчыма, хаця мала праўдападобна. Курачкі мае памерзьлі крыху, а парэсятка зарыецца ў салому і толькі хрукае. Тарзана кармлю калярыйна, каб не замерз. Цешуся, што гэта ўсё ж люты, а ня сьнежань.
Нічога не пішу. Нейкая агіда і страх і жах, калі падумаю аб паэзіі. Гэта рэзультат траўлі… Яно, спадзяюся, пройдзе, калі нанава не пачнуць яшчэ адзін сэанс! Гэта бывае дзіўна, слова часамі замяняецца ў вастрыё мяча, і яно застаецца навечна, як дакумэнт пра Сахно… Даруйце, што пішу Вам усё, што думаю і адчуваю. Яно, ведаю, часта ў разрэз з Вашымі поглядамі, але нічога не парадзіш, што я такая, ды і нецікава, калі людзі аднолькавыя… Я мужу не сказала, што зьвярталася да М. Танка. Было мне нялёгка зьвярнуцца, ды яшчэ зь лістом такім, як крык роспачы… Думаю, што ўсё ж ліст да яго дайшоў, бо стала куды спакойней.
На вясельле я ня езьдзіла. Была такая галалёдзіца, што і машыны не хадзілі. У “Белавежы”1 ці зьвярнулі ўвагу на дробныя апавяданьні Сакрата Яновіча? Мне падабаюцца. Не падабаецца “маэстра”2… Альбо ён ілгаў нам усім, будучы разам у Празе, альбо ўмеў так маўчаць ці жыць і думаць па-рознаму. Бачыце, я яшчэ не магу забыць адно. У Празе, ведаючы жах вайны, мы толькі і гля-дзелі (асабліва), каб накарміць усіх галодных. Няважна, якой яны былі нацыі, але найболей гэта былі беларусы. Мы былі бедныя, у нас не было грошай, але мы былі шчасьлівыя, што перажылі вайну і крыху памаглі лю¬дзям яе перажыць. Два разы на тыдзень, як правіла, харчаваўся ў нас і “маэст¬ра”, як мага найлепш (вайною – на карткі!). Ён прыехаў з Варшавы і сказаў, што ня мае бялізны. Я сярод знаёмых сабрала грошы (800 карон), і купілі ўсё, што яму трэба. Ладзілі яго імпрэзы, куплялі квіткі, падаркі (муж – на канцэрты), а калі Юра застаўся адзін, то “маэстра” нават не папытаўся, дзе ён і што зь ім, зь дзіцем. Ёсьць чалавечнасьць і бесчалавечнасьць. Самому выплысьці, вылезьці як мага найвышэй, нягледзячы па чыіх галавах… Можна сказаць і болей, але лепш – не… Мала нас, але ўсё ж залежыць на якасьці. Ведаю, што загневаецеся. Добра. Можаце! Толькі падумайце над тым, што пішу… Можа, на 8 сакавіка прыедзеце з Валодзем3 – павіншаваць асабіста І.П. у дзень нарадзінаў? Будзем думаць, што прыедзеце.
Ваша заўжды Ларыса Геніюш.

Зэльва, 17 лютага 1966 г.

Добры дзень, дружа!
Хацела ўжо не пісаць Вам, каб не адрываць ад работы. Ці скарацілі ўжо “Кіеўскую Русь”? Вельмі цікавіць мяне Ваш артыкул аб Скарыне ў “Дні паэзіі”. Прышлеце мне, калі ласка, пераклад з Гуцалы4. Мусяе гэта быць добрая рэч, калі вы зьвярнулі на гэта такую ўвагу, што аж пераклалі на беларускую мову.
У нас пакуль што, здаецца, спакойна. Ня ведаю, як у Юркі. На ім, бедным, адбіваецца многа… Што да М.Т., то варта яго папытацца, ці ён атрымаў таго майго горкага ліста? Мяне, бачыце, папярэдзілі на днях, што ня ўсе лісты, шкодныя для Даніленкі, даходзяць па адрасу. Сказалі гэта людзі партыйныя, і не датычыць гэта толькі маіх лістоў. Калі гэта вам хоць крыху магчыма, дык прашу: даведайцеся, бо вельмі баюся, што ён умацуецца, і зноў пачнецца “кардыбалет”… Дзіўная рэч, сама вытрываю ўсё, а вось чужы боль, ды яшчэ цераз мяне, не магу пераносіць.
Як цяпер многа цікавых спраў! Як жа будзе зь літаратураю? Пісьменьнік – тварэц ці толькі водгульле чыіхсьці мысьляў і мэтаў? Не тварыць – гэта таптацца на адным месцы. Задыхацца. Цікава, што за Зайцаў5? Напішэце мне. Калі ласка, якія ў яго самыя паважныя аргумэнты аб касманаўтыцы 1966 лет назад. Я ня знаю добра філязофіі, аж грэцкая філязофія (Платон, Сакрат) ужо сваім гуманізмам папераджала хрысьціянства і, як то па-маяму, зусім лягічны працэс далейшага яе разьвіцьця. Ці ён (Зайцаў) цытуе таксама Талмуд? Паводле Талмуду, Дзева Марыя радзіла Хрыста бяз шлюбу (як цяпер кажуць). Ён быў вельмі разумны. У Ерузалеме быў храм, які старажыў нейкія боскія тайны. Ведаючы іх, можна было рабіць цуды. Аднак уваход да храму сьцераглі дзьве постаці ангелаў, якія ападалі цяжкімі крыламі на галаву таго, хто выходзіў з храма, і ён забываўся, звычайна, аб тайне. Малады Хрыстос (паводле Талмуду) пайшоў у храм і перапісаў тое забароненае, пасьля разрэзаў нагу і зашыў той папер ці, пэўна, тагачасны пэргамэнт, у рану. Яго ангелы таксама стукнулі крыльмі пры выхадзе з храма, і Ён аб усім забыўся. Аднойчы ў рэчцы Ён адчуў боль нагі і ўсё сабе прыгадаў. Тагды дастаў з раны тую тайну і стаў Богам. Гэтак у Талмудзе. Цяпер – чаму тагачасныя грэкі і рымляне нічога аб гэтым не ўспамінаюць? Дзівіць мяне толькі, што зь юдаізму ідзе закон першы: “вока за вока, зуб за зуб”. Выйшла нешта такое ахвярнае, любае, пранікнутае любоўю да ўсяго жывога. Зь вялікімі вымаганьнямі да чалавека як да істоты нежывёльнае. Гэта проста барацьба зь інстынктамі, апанаваньне іх розумам. Гэта вялікае пазнаньне моцнай натуры, якой свомае дасканаленьне. Мне здаецца, людзі, якія жывуць паводле законаў хрысьціянства, заўсягды жаданыя ў кожным грамадзтве, бо ня крадуць, не забіваюць і — “хто не працуе, той ня есьць…”
Сіла не супраціўляцца злу – гэта надзвычайна вялікая сіла: самавынішчэньне зла. Зло побач з дабром не ўжываецца і гіне ўрэшце. Гэтак думаю я, бачачы многа з жыцьцёвай практыкі. Ці асьвета заменіць веру? Часткова так, але ня ўсе аднолькава ўспрымаюць асьвету. Для некаторых гэта толькі веды, халодны розум, які здольны ўсё стварыць і пры тым не адчуваць, не шкадаваць тых людзей, якія ад гэтага “створанага” будуць гінуць. Калі ня будзе рэлігіяў, дабра і любові, будзе грубая сіла і вялікі рэгрэс. Я чула, што Гітлера стварылі яўрэі. Яны разлажылі ў старой Нямеччыне рэлігію і мараль, стварылі сілу без акелзаньня сумленьнем, верай і людзкасьцю і самыя заплацілі за гэта. Лягчэй прыказаць, цяжэй пераканаць людзей. Нават добры прыказ траціць сваю сілу і вартасьць, бо людзі прывыклі думаць… Іх можна запалохаць, але розум вернецца, ён працуе вечна і зусім не на карысьць насільлю.
Я чула, што касманаўты стварылі культуру ацтэкаў у Амэрыцы, але — каб Хрыстос быў касманаўтам?! Чаму ж 2000 лет болей не залятаюць сюды падобныя касманаўты? Што зрабілі б сяньня з такім “касманаўтам”, калі б ён прыстаў, напрыклад, на нашай тэрыторыі і пачаў навучаць па-свойму? Для атэістаў небясьпека ў тым, што яны цьвердзяць, быццам Хрыстос быў мір, а тут жывы “чалавек зь іншай плянэты”. Але ўсё ж гэтая спрэчка нагадвае сярэдневяковыя дыскусіі, калі спрачаліся, ці чалавек аскароміўся, зьеўшы заседжанае яйцо пятніцаю, і колькі ангелаў зьмесьціцца на канцы шпількі…
Што да Быкава, дык ён жа не загневаецца на Вас, бо ён з гэтай “плянэты” і ўсё дасканала разумее.
У нас цяпер сьнег пярынаю! Мякка, бела, хораша-хораша! Я зусім не чакаю вясны! Вельмі ўжо не люблю чорнага пэрыяду разводзьдзя і голай зямлі і дрэваў. Ад Юркі – ні лістоў, ні вестак. Што там робіцца – ня можам дадумацца. Будзем выклікаць на перагаворы. Муж вельмі перажывае маўчаньне Юркі. Надта любіць унучка і чакае яго прыезду. Маладзец наш гэты Галубок1! Аднак, аднак… Усё ж пасылаю яму пару слоў на Ваша імя. Згубіла недзе яго адрас. Будзеце ўважаць за патрэбнае, дык перадайце яму. Ці прыехаў Вало-дзя? Трудна мне будзе адказаць яму на ліста… А цяпер за працу. Думаю, што “Кіеўскую Русь” ужо скарацілі. Шчасьліва папрацаваць! Ведаю, што гневаецеся на мяне, што не паслухала. Што ж зрабіць, у мяне свая галава… Бывайце, прывітаньні ад І.П.
Л.Г.

Зэльва, 26 лютага 1966 г.

Сябра Мікола!
Пішу толькі пару слоў. Крыху хварэе Іван Пятровіч. Ах, гэтае жыцьцё… Юры ўсё няма. Мы абое ўсімі думкамі пра Вас. Відно, Герцовіч мае “дастойную” дапамогу. Я з прыемнасьцю прачытала вашу рэцэнзію, але вось гэтай усёй “крамо-лы”, у якой вас абвінавачваюць Люкевіч і Трашчанок1, не заўважыла. А калі яны лічаць, што жменька жмудзінаў са ўсімі сваімі Пэркунасамі і Крывэ-Крывэйтамі магла заваяваць славянскія княствы ад Балтыкі па Чорнае мора, дык грош ім цана як вучоным. Навука – гэта факты, а не капрызы любой кан’юнктуры. Падрываць мінуласьць мужных славян і рабіць зь іх халуёў малюсенькай паганскай Жмудзі (і гэта тагды, як славяне мелі нялюдзкую сілу вызваліцца ад татарскае цьмы) – гэта бязглузьдзіца і нейкае шкодніцтва. Заўтра яны яшчэ напішуць, што гэтыя самыя “ліцьвіны” сяньняшнія разьбілі ў пух і прах у 1410 годзе крыжаносцаў! Якая ж дурасьць! Што ж – яны “пашукаюць” у “архівах” ці пераробяць іх паводле патрэбаў непераконваючай прапаганды. Якая цьма!
Як я Вам пісала ўжо, я ў Празе слухала лекцыю аб уплыве беларускай мовы на польскую пры каралеўскім двары за Ягайлам і аб тым, што Ягайла ня быў паганінам, ён быў хрышчоны паводле візантыйскага абраду, тагды, калі Літва (Жмудзь) была зусім паганская. Ізноў мне прыпамінаюцца 40 тамоў Літоўскае мэтрыкі, Статут Сапегі і ўсе архівы. Ці можна такое невуцтва стрываць? Не люблю, не цярплю, не пераношу, калі робяць з нас вечных рабоў! У той жа час не было атамнае зброі ці нейкае іншае, якою жменька авантурнікаў трымала б масы. У той час пераконваў і панаваў болей разумны і сільны, а ня хітры.
Сяньняшняя Літва, Латвія… Хіба ніхто ня бачыць, ня хоча бачыць, ня думае, ня ведае, колькі гэтыя людзі забілі беларусаў у час акупацыі, проста каб нішчыць, каб нас было меней… Я гэта чула ад людзей, якім веру. Не глядзеце на ўсю іх ляяльнасьць і прыспасобленасьць, я ім ня веру, што яны сябры нашых вёсак, і кропкі сваёй гісторыі ня дам сфальшаваць!
Усё, хворы муж. Ён шле Вам прывітаньні. Мужайцеся, наш сябра! Ваша Л. Г.

Зэльва, 20 сакавіка 1966 г.

Дружа мой!
Атрымалі Вашага ліста. Добра, што апрацавалі адказ глуміцелям навукі і праўды і адаслалі ў адпаведныя ўстановы. Будучыня мусіць стаяць на пэўным фундамэнце, а не на брусе з хлусьні, якая мяняецца залежна ад прыхамаці недавучкаў. За Вас я спакойная. Дзякую, што не загневаліся на мяне за словы апошняга майго ліста. Такое неабдумана ня пішацца, сябра Мікола! Такое толькісьмяротны боль выносіць на паверхню для прыкладу і жаху найбліжэйшым. І муж і я думаем аб Вас, і жаль нам, што Вы далёка.
Гэтак рабілі Батыевы слугі янычараў на землях славян. Грызе зямлю дзіця маё няшчаснае, і я зь ім. Ён маўчыць. Ён бачыць, што я ўсё ведаю, усё, усё… Я гэта ведала зь першага дня яго прыезду да нас. Ён, бедны, шукаў прычыны паганіць, брудзіць сваё сьветлае дзяцінства, нас, нашых сяброў. Паўтараліся чужыя словы, як у папугая. Таптаў усё сьвятое – і наша, і народнае. Нейкія ваенныя зьнекуль прыязджалі да нас і паілі яго да беспрытомнасьці. Я тагды пабачыла многае. Гэта было чатыры гады таму назад. Сяньня яны яго даканалі. Гэта яны сарвалі яму два гады вучобы штучна – відно, быў ня вельмі паслухмяны на подласьць. Раз вярнуўся дамоў з падбітымі, чорнымі вачамі і апухлым тварам. Казаў, што проста ў лесе заснуў… Усё, усё нанізваецца на страшны шнур праўды. Цэлы дзень яго распойвалі, і ён сам піў, піў да таго, каб вечарам зрабіць тое, што мусяў…
Мы зь Міхаськай панесьлі дзеду вячэру ў больніцу, гэта, здаецца, мяне выратавала на гэты раз. 18 сакавіка былі ў нас сакратар абкома і сакратар райкома. Казалі, што ўсё гэта мне за тыдзень пройдзе, і тагды мне трэба нешта пісаць на 50-годзьдзе1… Муж лечыць мяне, бо я ня думала, што застануся пры розуме. Пакуль усё. Пабачыла ўсіх гродзенскіх сяброў. На іх палажыцца мне нельга і бачыць іх мне болей ня хочацца. Зразумейце, сябра Мікола, я не дадумваю, я ведаю. Калі Юрка кіне піць, можа, выратуецца.
Я буду аб гэтым крычаць на цэлы сьвет, гэта мой бедны сын, так нельга! Гэта горай, як Гітлер!
Л.Г.

Зэльва, 29 сакавіка 1966 г.

Сябра Мікола!
Дзякую за ліста. Вы мяне крыху не зразумелі. Я, здаецца, не прасіла ў вас дапамогі, бо ведаю, што гэта мой боль, я толькі мусяла некаму сказаць аб жудасных мэтадах, аб сваёй крыўдзе. Калі сказаць гэта полю ці зэльвенскай цэркаўцы – не палягчае. Гэта трэба казаць жывому чалавечаму сэрцу, якое знае, адчувае розьніцу між дабром і жудасьцю і якое адгукнецца. Ёсьць боль, які прарываецца праз усе кардоны запалохваньня, самога страху і кідаецца ў пропасьць змаганьня за людзкасьць на гэтай зямлі. Так, здаецца, было са мною. Аднак тое, што напісалі сябру Сакрату, — добра. І я яму напісала і паслала “Куфар”2. Я гэты “Куфар” перарабіла лірычнымі ўстаўкамі канцоўкай аб ма-гільніку нашых сялян. Сакрат мяне аб гэтым ізноў прасіў з Польшчы – цераз Валю3. Вось я і папрасіла больш-менш тое: дапамажэце майму сыну датрымаць данае нам слова – ня піць гарэлкі… Болей нічога. Сакрат якраз бедаваў аб гэтай яго слабасьці, і я прасіла яго ў нас тут, каб дапамог.
Ці я знаю Юру? Я знаю яго, і ад першай нашай сустрэчы пасьля 9-ці гадоў нашых і ягоных мукаў я змагаюся з чужым чалавекам у ім. Я адкідаю хлусьню, паясьняю. Мне ведамыя вытокі лжы. На жаль ці на шчасьце маё, яны штампаваныя, але мне жудасна чуць іх з вуснаў сына. Я ўсё ж застаюся сабою. І так з кожным прыездам горай. Я ўсё ведаю. Маўчу. Вывучаю да канца сыстэму. Я яе ведаю зь лягероў. У аснове тое самае. У Польшчу нас не пускаюць. Узяць сю-ды – гэта канец усім. І вось перада мною – пропасьць жудасьці. Я адрозьніваю боль і мучэньні чыстага сэрца свайго дзіцяці. Я ведаю, з чым ён прыехаў. Адчуваю. Ізноў будуць мукі. Абвінавачваньне сяброў, якіх як дзіця ня мог нават памятаць і ведаць. Абвінавачваньне бацькі ў подласьці, што – няпраўда! Мяне – у паклоньніках і г.д., мэтад “клясычны” “іх” працы, адзінае, што яны раздуваюць, вышукваюць, смакуюць і чым стараюцца ачарніць, асабліва жанчыну, хаця і мужчын. Гэта ведаю. Усё выясьненае. На гэты раз учапіцца няма за што. Аднак бура немінучая. “Чаму вы не зрабілі мне вясельля і былі сумныя, як на пахаваньні?” Паясьняю, што тады (58 г.) на нас не было адзеньня і ўсяго 100 руб. (старых) грошай на тое вясельле. Не даходзіць. Каб уцішыць буру, даю яму падарак, грошы. Змаўкае. Назаўтра ідзе прыгаласіцца ў міліцыю. Вяртаецца – зноў чую буру. Тады прыношу … [неразборліва], зроблены бацьку на 8 сакавіка (яго нарадзіны). Суцішаецца на хвіліначку, але ідзе ў Зэльву. Раней ніколі гэтак не рабіў. Адзін чалавек цягне яго піць у г. зв. “галубы Дунай”. Добрыя людзі туды ня ходзяць. Іду. Вырываю Юрку з рук падляцоў. Ледзь не даводзіцца біцца зь імі на вуліцы. Бацька сьпіць пасьля працы. Зачыняю дзьверы, каб ня чуў брудных слоў у свой адрас. Бацьку перадчасна забіраюць – паступілі хворыя. Юрка зьбіраецца ізноў “у паход”. Бачу – змушае сябе стаць быдлам… Забіраю яму грошы. Просіць тры рублі. Даю. Гэта першы раз за ўсе яго прыезды. Іначай ён з дому нікуды не ішоў. Настарожваюся. Іду зь Міхаськай шукаць яго і вывалокваю, зусім п’янага, з рэстарану. Для мяне гэта непрывычна, але я хітра з усім спраўляюся. Дома крык: дай грошы, ты такая самая і г.д. Я іду зачыняю дзьверы на ключ. Міхаська зь Юркай. Бягу тэлефаную, каб прыйшоў бацька. У бацькі паміраючыя хворыя. Нельга! Вяртаюся. Няма дзіцяці, Юрка глядзіць на мяне чырвонымі вачамі, бледны і страшны. Я ў крык: гдзе дзіця? Хлопчык, зусім спалоханы, вылазіць з кута пад ложкам. Плача, дрыжыць. Мяне ўзрывае. З усёй сілы даю яму па твары і, засланяючы дзіця, ізноў зачыняю хату і бягу па Стася (гэта сусед). Кладзем сына, крычыць, каб выйшла з пакою, бо мянезаб’е. Я не з палахлівых. Заснуў. Здымаю яму чаравікі. Падстаўляю крэсла пад ногі, бо зьвісаюць, атуляю пледам. Сьпіць. Добра. Пячэм сухарыкі зь Міхаськай на 8 сакавіка, пасьля нясем дзеду вячэру ў больніцу. Цемень. Я аступілася, зьвіхнула ногу. Амаль крычу. Нейкія жанчыны просяць мяне вярнуцца, занясуць самыя. Я іду са сваім болем — трэба пагутарыць з мужам. Іван Пятровіч люты, абражае мяне, хлопчык ня хоча ісьці дахаты і просіць дзеда пакінуць яго ў больніцы. Баіцца. Угаворваю, ён усю дарогу дрыжыць і плача. Падыходзім – о, Божа! – няма ні шыб, ні рамаў! Усё на зямлі, і на гэтым усім – пудовы камень, як падняць. Надбеглі людзі, я крычу. Думала горай, думала – памяшаньне розуму. Дзіця дрыжыць, як сьцяблінка, худзенькае і запалоханае, і просіцца ў чужую хату. Баіцца. Забіраюць Міхаську, будзяць добрых людзей. Недзе ноччу дастаюць шкло. Хату прыводзяць у парадак. Сын у тых, зь якімі піў. Яны прыходзяць да нас, і я выганяю іх з хаты. Прыходзіць бацька, на ім няма твару. Ноч. Кажуць – адабралі нажа, крычаў: “Я камуніст і я яе заб’ю!” Крычаў і другое, але я думаю, што гэта няпраўда. Я адна. У 6 гадзін – званок і стук. Адкрываю. Пачынаецца каяньне, плач… З пропасьці нейкае вяртаецца жывы, добры чалавек, наш сын. Мы яго ніколі ні аб чым не пытаем. Мы не пытаем нікога. Ня здольныя на гэта. Бацька ледзь жыў. Я нашу шкло, мыю хату, выношу воду. Хлопчык – як цень. Юрка дае слова болей ня піць гарэлкі. Праходзіць пару дзён і зноў пачынаецца “прапаганда” знаёмая, якая паганіць і тое найлепшае. Сына няма, ізноў “грамафон з пласьцінкамі”… Ад’язджае прадчасна (меў быць 2 нядзелі), праводжу ў Гродна. Ня плачу. Цалую беднага хлопчыка. Еду да Данусі1. Там бяз памяці раву, як жывёліна. Не вытрываць.
З Данусяй едзем на гадзіну да Карпюка. Там начую. Прашу яго аб помачы. Расказваю аб п’янстве. Крыху гавару аб сваіх домыслах. Ня хоча слухаць. Радзіць мне ехаць у Польшчу. Назаўтра пасьнедалі. Ідзем, Аляксей Нікіфаравіч — у друкарню. На дварэ сонца. Пачынаецца гутарка “між намі”. Слухаю. Аб тым, што яму цяжка, Быкаў і Дануся нападаюць на яго, што з намі іх пазнаёміў. Я заміраю! Іван Пятровіч прыходзіць да іх, начуе, а ў горадзе ўсё каштуе, і сьнеданьне (у Зэльве дарам!), і ён – ня я і г.д. Гэта праўда і няпраўда! Муж усіх любіць, і яму хочацца перакінуцца словам-другім зь беларусамі. У Празе мы не лічылі сьнеданьняў і абедаў для сяброў (у вайну!), дзяліліся ўсім, што мелі ў хаце, апошнім, каб выжыць, усім перачакаць жах… Я амаль млею. У друкарні я дастаю вазачку (падарак жонкі Карпюковай) і непрыкметна кладу яму ў сумку. Калі ён выходзіць, я ўцякаю, бягу, мяне душаць сьлёзы і крыўда, і боль, ужо не адзін – іх 100!
Іду ў краму, прашу жалязка. Мне падаюць. Прадаўшчыца гутарыць зь нейкай дамай. Прашу праверыць жалязка. Дама зьвяртаецца да мяне: “Да что ты здесь морочишь голову, не могу слышать этого языка, сегодня утром кто-то кричал: “Слухай!”, какой ужас, какой гадкий, скверный язык…”. Кажу: я не памятаю, каб з Вамі піла на bruderschaft, чаму Вы са мною на “ты” – не разумею. А калі ясьце хлеб беларускі, дык не паганьце і мовы нашай зямлі. Людзі пачалі ўцякаць з крамы. Я кажу: тав. Міцкевіч (сакратар абкома) так не сказаў бы. “Местное начальство, да что оно для нас! Глупости!” Я выйшла. Думала – канец мне.
У другіх крамах – тое самае! Я хаджу, мучу сябе, пазнаю ўсё да канца. Тагды на пошце дзякую Карпюкам (ветліва) за гасьцінец, прашу прабачэньня, што не разьвіталася і за тое, што ня ў сілах прыняць “падарак”. Пішу ў абком аб мове маёй на вуліцах Гродна і амаль плачу. Іду на аўтобус і заміраю. Як стоўп, як мумія, як згустак гора, еду дахаты і вось назаўтра пішу Вам, толькі адзінаму Вам, хоць усяго нельга напісаць, разумееце? Заставайцеся з Богам!
Ваша Л.Г.

Зэльва, 20 красавіка 1966 г.

Паважаны сябра Мікола!
[…] Прашу прабачэньня, што ў такі гарачы час турбавала Вас з насеньнем. Мне і ў голаў не прыйшло тое Waterloo для Абэцадарскага. […] І ня сьнілася мне, у якім Вы былі напружаньні. Відно, Вашыя справы і довады так навуковыя і ўсебакова абгрунтаваныя, што не знайшлі Вашыя, мякка кажучы, праціўнікі, іншых аргумэнтаў, чымсьці “Свабоду” зь Мюнхену. O, mein Gott! Хіба яны яе слухаюць? Ну і ну! Для іх недзе нават ня глушаць! Не разумею. Справа зь іх боку выглядае не навуковай. Мне падабаецца, што Вы, як заўсягды, стаіце на пазыцыях чыстага навукоўца, чым заслугоўваеце пашану і падтрымку сапраўды паважных людзей. Добра так. Ленін таксама не шахраваў! Цешыць мяне, што была магчымасьць вясьці дыскусію, толькі ў ёй нараджаецца сапраўднасьць. Ці выступалі Вы? Якія пытаньні хвалявалі праціўніка? Муж купіў гэтую кніжыцу, і вось глядзіць на мяне зь яе вокладкі Філіповіч. Чытаю, знаёмлюся, цікавіць мяне ўсё.
Ці чыталі ў “Савецкай Беларусі” (8.04. 66 г.) пра Быкава? Казалі знаёмыя, што вельмі непрыхільна ўспаміналі і Быкава, і Карпюка недзе на нарадзе ў Гродне. Факт, што Васілёвы кнігі чытаюцца, разыходзяцца і перакладаюцца на іншыя мовы сьведчыць не ў карысьць праціўнікаў яго поглядаў. Vox populi – за яго! Маю ўражаньне, што ён спакойны. Маючы 6 мільёнаў выданых кнігаў, можна дзе што пускаць міма вуха. Пісала Дануся, я не адказала. Я зусім ня гневаюся, гэта было б сьмешна, але гутарка з А.К.1 у Гродне была ўжо вельмі нясмачная… Ня знаю, што яны цяпер думаюць. […]
Дануся чытала мне новую паэму. Нічога зь яе ня памятаю, так мне тагды было пагана, што слухала, але ня чула. Уражаньне добрае, як заўсягды зь яе вершаў, але што і аб чым – ня помню. Напісала ліста сяньня Юры. Старалася разумна, як найцяплей. Вельмі веру ў Вашу мужчынскую дапамогу. Я бачу, што ён мучыцца, і таму, што ён не дзіця, недзе сябру яго лягчэй зразумець, чым маці. Ён піша нам, што яшчэ не парушыў данага нам слова ня піць гарэлкі, а гэта з усіх бед асноўная. Цьвярозы ніколі дурніцы ня зробіць. Прыслаў нам вельмі талковае апавяданьне, якое здаў ужо да друку. Прыслаў мне вызаў. Яшчэ мы на дазвол не падавалі. Думаем і раздумваем. Няведама, ці яшчэ пусьцяць.
Ужо сутоньне. Іван Пятровіч, змучаны, адпачывае. Чытае ў “Гродненской правде” (перадрукавана з “Правды” ад 17.04.66 г. пра тэму вайны ў пісьмень-нікаў і пра “неудачную” апошнюю аповесьць В. Быкава. Недзе ікаецца таму. У мінулым годзе казаў мне: “Кіну пісаць, пайду працаваць шаўцом”. Мы зь ім хахаталі. Быкаў – упартая натура. Ведае сваё і тое, што “гусьлям, княжа, ня пішуць законаў”. Думаю, што яму нялёгка ўсё ж, яго крыўдзяць. Ён вывеў столькі харошых, мужных тыпаў і ня мог ня вывесьці Сахна, бо Гарбацюкі ўсюды, і наш Даніленка (“дасканаліцца” ў Гродне) — таксама той жа Сахно-Гарбацюк. Гэта балячка, якая моцна адазьвецца ў важны час, калі яе цяпер пакінуць на целе. Урэшце, іх справы. Я так і думала, што ўсе сахно нападуць на Васіля. Адчуваецца гэта. Жыцьцё маё – як заўсягды. Нельга скардзіцца на тое, чаго нельга зьмяніць. Праца на паветры крыху мяне супакоіла. Час залізвае раны. Застаўся страх, вялікі, сьляпы страх перад людзьмі, ня знаючымі граніцаў зла. Бывае ў жыцьці такая хвіліна, калі адразу ацэньваеш і разумееш сытуацыю, гэта ў мамэнты бязьмежнага гора.
25.04. Дзень цудоўны, парна пасьля дожджыку. Ужо зелена ў маім гародчыку. Цьвітуць фіялкі і вось-вось распусьцяцца жоўтыя нарцысы. Забылася Вамнапісаць, што сябра Карпюк казаў мне: “Танк атрымаў вашага ліста, дарма яму пісалі, ён і так быў пасьля інфаркту, мы тут самыя разабраліся б”… Муж і да сяньня аб гэтым ня ведае, і добра, што ня ведае, няхай спакойна працуе і дажывае свой горкі век.
Калі б Вы змаглі прыехаць на май, дык гэта было б як лякарства. Мне крыху сорамна, што асабісты боль так мяне вывеў з нормы. Боль быў пякельны… Думаю, што хлопец ня вытрымае, фізычна хворы і слабы, і вельмі ўжо ў іх ненадзейна ўдома. Яшчэ тыя баптысты на яго галаву. Цешча раз прывяла “разумнага” прапаведніка на Юрку, ён ветліва папрасіў яго не дурыць галавы. Відно, яму цяжка. Няма моцнага пункту апоры, чалавека, сэрца, на якое можна аперціся. Як я заўважыла, яго адзінай там сілаю зьяўляецца Міхаська. Малы і хітранькі, менавіта і на жаль хітранькі…
Неяк завастраюцца ў сьвеце адносіны, і я зноў, напэўна, на сабе гэта адчую. Камуністы і некамуністы і капіталісты не разумеюць таго, што іх лучыць – яны ж усе людзі! Два жалудкі ня мае ніхто, і рана баліць аднолькава кожнаму. […]
Цешуся вельмі, што Вам хапіла сілаў, розуму, ведаў, сяброў і вытрываласьці, каб вытрымаць бой. Во, зубранё! Люблю пр