“На белых облаках снов”. Статья Анны Семеновой о Дануте Бечель-Загнетава. Портрет поэтессы. Фотодокументы

Опубликовано: журнал “Наша вера”, 4(42) 2007 года
Автор:Анна Семенова 

«НА БЕЛЫХ АБЛОКАХ СНОЎ»

Нават назва — з тых, што адразу вызначае строй, уклад духоўнай рэальнасці, прыналежнасць да духоўнага сусвету… Чытаеш — і пацвярджаецца першае адчуванне, інтуітыўнае, пэўна-няпэўнае: працяг традыцыі, лініі жыцця — і навяртанне, імкненне да ўвасаблення ў вышэйшай рэальнасці, унутраны спеў душы…

Таямніца сустрэчы з кнігай… Знаёмая і новая Данута Бічэль… Тады, у год выхаду кнігі (2002 г.), было не проста жаданне вызначыць словам сваё ўражанне, адчуванне, разуменне магічнага судакранання струнаў душы. Была духоўная неабходнасць мовіць сваё з нагоды таго душэўнага ўзрушэння…

 
Увогуле ж імя паэткі Дануты Бічэль бясспрэчна і даўно — сярод тых, хто вызначае літаратурнае быццё Беларусі. І напісана пра яе! І якімі пёрамі!

Рыгор Бярозкін… Крытык таленавіцейшы, яркі, патрабавальны. Назвы яго допісаў пра Дануту Бічэль гавораць самі за сябе: «Свежасць і чысціня», «Хораша, чыста…», «Святло і рух», «Подлинность» (у часопісе «Дружба народов»)…

Тамара Чабан… Тонкі, тэарэтычна моцны крытык паэзіі. Яна жартам называла сябе «кішаньковым крытыкам» Дануты Бічэль. Пра тое згадвала і сама паэтка ў вершы, прысвечаным памяці заўчасна адышоўшай з гэтага свету Тамары Чабан.

Няма даўно і Рыгора Бярозкіна. Але і яго думкі, і думкі Тамары Чабан не састарэлі, як і паэзія Дануты Бічэль. І чытаюцца без адчування плюсквамперфектумаў творы былога сакратара Саюза пісьменнікаў былога СССР Юрыя Сураўцава, які ў 1978 годзе ў часопісе «Новый мир» вёў размову пра Дануту Бічэль у літаратуразнаўчым досведзе ў кантэксце разважанняў пра Ліну Кастэнку, Дэбору Ваарандзі, малюючы асобна літаратурны партрэт беларускай паэткі. Даследуючы творчасць гэтых паэтак не так паводле сваёй сакратарскай пасады, як паводле сталай зацікаўленасці майстра слова і даследчыка, адкрывальніка талентаў, знаходзіў, пісаў, захапляўся: нястомна сачыў за літаратурным працэсам, не прамінаў, здаецца, ніводнай значнай культурнай падзеі, яркай творчай асобы.

Бібліяграфія Дануты Бічэль багатая на значныя літаратурныя імёны: Сяргей Грахоўскі, Генадзь Бураўкін, Валянцін Тарас, Рыгор Семашкевіч, Вячаслаў Рагойша, Аляксей Пяткевіч, Люба Тарасюк…

Дадаць да ўжо напісанага імі нешта сваё складана, але штуршок для гэтага дае сама паэтка, якая апошнім часам выявіла слоўна новы патаемны запас той сваёй духоўнасці, што нясе на сабе знак Боскай мудрасці, свята Духу, знак унутранага і арганічна-існаснага існавання. Шляху да гэтага: няпростага, пакутнага.

была я лёгкай як белы птах
тады я лётала ў снах
чыстай была як белы анёл
у снах не ўпала на дол

была я грэшнай ведзьмай была
лётаць у снах я магла
маланкай з громам у буры слоў
гарэла і лётала зноў

цяпер жыццё святое ў мяне
цяпер я лётаю ў сне
не ў вырай лячу а лячу дамоў
на белых аблоках сноў

Быў некалі «гожы маленства наіў», былі выпрабаванні жыцця. Было веданне — ці адчуванне, часам выслоўленае паэткай, часам — не: Бог — Творца, усё стварае, акрамя зла і граху. Але ў нашым эмпірычным свеце пакуты і грэх існуюць і адчуваюцца рэальна і ёсць дадзенасцю безумоўна важнай. Аднак жа з пункту погляду сапраўднай метафізічнай рэчаіснасці — Боскага жыцця — іх няма…

можна выйсці з духовай галечы
перад Богам высокім укленчыць
і згарэць перад Ім без агню

На пісьменніцкім з’ездзе. Справа налева: Ларыса Геніюш, Ніна Мацяш, Валянціна Коўтун. У другім радзе: Уладзімір Караткевіч, Данута Бічэль. Мінск, 1981 г.
Гэта ўсё — з кнігі «На белых аблоках сноў», дзе Бог з новай сілай адкрываецца паэтцы — верніцы, каталічцы, адной з тых, для каго адчуванне прысутнасці Бога ў свеце, ва ўсёй светабудове — аснова ўсяго светаадчування, светаўсведамлення… І цяпер, і тады, калі атэізм быў асновай дзяржаўнай палітыкі, этыкі, маралі, быў нормай і правілам…

Для паэткі Дануты Бічэль, для яе лірычных гераіняў асноўнымі, галоўнымі былі і ёсць каноны хрысціянскія… Але так, як патрабуе паэта «к священной жертве Аполлон», калі пішуцца творы, што ўвайшлі ў кнігі паэзіі «Дзявочае сэрца», «Нёман ідзе», «Запалянкі», «Ты — гэта ты», «Дзе ходзяць басанож», «Загасцінец», «Даўняе сонца», «А на Палессі», «Божа, мой Божа», «Снапок».

Прасторы роднай зямлі… Рэальнасць і таямніца… Нібыта з вышыні птушынага палёту… І з блізкай, як рукамі дастаць, адлегласці…

Тут мне ўсё наваколле смяецца!
Смехам зор і рамонкам з лугоў…
Нёман тут не цячэ, здаецца —
ён танцуе між берагоў…

Інтанацыйная абаяльнасць, адухоўленасць свята жыцця… Вызначанасць быцця паводле векавых канонаў, рытму сялянскага жыцця, хараства яго ўкладу…

Вымяраю па біскупскай мерцы
час занятасці, радасці час.

Біскупцы — родная вёска,

… мела святое імя
ад парадкаў нячыстых парадку няма
душы біскупаў не аддаюць свае вёскі…

І як урачыстая сага — няспынная, на ўсё жыццё, размова, паэтычны роздум: пра родную Краіну, пра волю, пра сваіх продкаў — генетычных і гістарычных. Малітва — за долю сваёй Радзімы:

Божа! Вазьмі нас пад крылле,
нашы нябёсы і гоні…
…………………………….
чыстая наша зямліца.
…………………………….
Ты ж разгарні над ёй, Божа,
вечныя белыя крылы.

Вечныя… Моцныя генным пачаткам:

Наш род
перад тварам эпохі выстаяў.
……………………………………..
Наш род упарта сее
ў полі жыта.

Не так спазнаная гістарычная рэальнасць, як мастацкі свет паэткі, вызначаныя ёю этычныя і эстэтычныя арыенціры мінулага — паэтычныя светапоглядныя пункціры: прыгадвайце, памятайце, вучыцеся! Не. Барані Божа, ніякай дыдактыкі. Высокія імгненні — учынкаў, волевыяўленняў, памкненняў…

Данута Бічэль, Янка Брыль, Ніна Міхайлаўна Брыль, Ян Скрыган на радзіме Цёткі (Алаізы Пашкевіч) у Старым Двары. 1976 год.
Моцныя тыя «белыя крылы» і гістарычнай памяццю, гісторыяй усвядомленай, успрынятай не толькі на ўзроўні фактаграфіі, храналагічнай дакладнасці, а пасіянарна, з адчуваннем наканаванасці, лёсу, долі, вызначанасці… «Птахамі продкі былі»… «…несмяротныя паўстанцаў душы / зноў пераселяцца у немаўлят»…

І таго, чыё выданне Святой кнігі і сёння — факт культурнай, духоўнай рэальнасці: «хацелася шчыра / да Скарыны душой прытуліцца!», схіліць голаў «перад часам яго нескароным…»

І таго, чый гістарычны лёс і сёння згадваецца як дзяржаўна значнае і як асабіста ўспрынятае:

Быў ты, Кастусь, цябе я ўспамінаю, —
падобнага да Бога, маладога.

І той, — прыгажуні і пакутніцы, што хацела — рана ці позна — адстаяць свой чалавечы і жаночы гонар перад здзеклівым нахабствам мужа — князя Уладзіміра.

Будзе праўнук на дзідах нябёсы трымаць.
Не закоціцца Полацка слава на спад.
Будзе вечна свяціцца Рагнеды імя
У стагоддзях на вуснах тутэйшых дзяўчат.

І той, што пісала лісты каханаму на «мове лясоў» і стала ахвярай ворагаў яе і нашай роднай краіны — Барбары Радзівіл…

Лідскі замак, старажытны Полацк, «калыска вякоў неспакойных» — гарадзенская Каложа… І лірычная гераіня Дануты Бічэль:

Я тутэйшая…
…………………
Мяне маці тут нарадзіла,
як сасну ў бары пасадзіла.

Я зжылася з вятрамі, з нягодамі…

На вятрах часу… На вятрах гісторыі… На вятрах сучаснасці… Са сваім народам… Са сваім лёсам… На сваёй зямлі…

Тут, на зямлі, — бессмяроцце і сон.
Тут, на Радзіме, — адхланне і рай.

Тут — каханне… Калі ўсё — пад сілу.

Падарыць табе рэчку з жоўтым дном —
мурожным берагам, блакітным дахам,
лазовым кустам, пявучым птахам,
ліпнёвым сонечным буднім днём?

Калі — «На імгненне прыпомню — / і аж сэрца замрэ!»

Калі — і дарункі твае — быццам валодаеш усім светам, і табе прэзэнты — чарадзейныя:

Прынёс ахапак прамення…

У паветраны замак — не інакш. Той, што навек. Паводле вызначэнняў паэткі… Паводле кшталту асобы. І хаця часам Данута Бічэль — ці яе лірычная гераіня? — сцвярджае:

Хіба я не сучасная жанчына?
А вось маёй адсталасці прычына —
прыёмны мой пакой,
мая дзяржава, кухня,
дзе пры цяпельцы ў дзежцы цеста пухне.

Я дзейнасць пачынаю на світанні.
Дарэчы, філасофскія пытанні,
ці траціць нервы на дзяцей і мужа,
не ўзнікнуць, покуль накарміць іх мушу.

Дык вось — мы разумеем: будзённы клопат — ён ёсць, ад яго нікуды не падзенешся… Але ж — былі і засталіся — прынамсі, для чытачоў: і паветраныя замкі, і падарункі-праменні, і «натхнёны салавей»… І хіба можна не даць веры гэтаму сцвярджэнню — не вельмі зразумеламу з пункту погляду фармальнай логікі, але такому відавочнаму ў ракурсе тоеснасці са светам, з аб’ектыўнасцю пачуццяў?

Я атрымаю ўсё, чаго я варта:
на даляглядзе бор, сцяжынку ў жыце.

І вызначыцца той шлях, тая няпростая лінія:

Свет наш створаны Богам праўдзіва.
Пасярод гаманы сумяцця
з галавою паднятай хадзіла
па спякотнаму кругу жыцця.

«Запрашайма высокі гумор!» Бо ёсць, ёсць у творцы, у паэта выйсце, заўсёдны ратунак: «Песняю боль заглушы». І нават «згуба — набытак душы».

Таму, мабыць, былі такія шчырыя асабістыя адносіны і ліставанне з паэткай Ларысай Геніюш — на тую пару гнанай і афіцыйна замоўчванай. А пазней — ліставанне з Наталляй Арсенневай. Творчымі асобамі для Беларусі — знакавымі, вызначальнымі. Таму — сяброўства з паэтамі рознымі. Рознымі творцамі… Васіль Быкаў, Янка Брыль… Уладзімір Караткевіч… Ужо згаданая Тамара Чабан, Анатоль Сыс…

Ніна Мацяш, Рыгор Барадулін, Крыстына Лялько… Прысвечаныя ім вершы, празаізавана-паэтычныя допісы…

А колькі, дарэчы, прысвячэнняў ёй… Згадаю хаця б Анатоля Сыса:

Данута Бічэль-Загнетава —
Якая паэтка айчынная!

І родам, і племенем гожая.
Як рэчка — змялелы брод,
Хаваеш ад вока варожага
Айчыны сваёй радавод.
…………………………………

Ёсць (было?) у паэта Анатоля Сыса і такое пра Дануту Бічэль: «Жыццё і паэзія для яе — сінонімы…»

І вера — дадала б я. Заўсёды — ратунак, надзея… Любоў…

Марыя!
Над галавою самотнай маці
святых бялюткіх анёлаў крылле.
Усё яе будзённае шчасце
Тваё імя святое — Марыя!

Вера — праз усё жыццё. З дзяцінства. З нараджэння. У жыцці. У паэзіі. І тут вось тое самае, з чаго распачыналася размова. Апошнім часам, калі вера вярнула свой вызначаны Панам Богам «статус», калі ўзніклі выданні, дзе з’явілася магчымасць прамовіць пра галоўнае, патаемнае, сакральнае, паэтка і каталічка, хрысціянка Данута Бічэль, вызначаючы ўнутраную неабходнасць містычнай Сустрэчы, укаранення ў Адвечным, новага выяўлення ў мастацтве слова, актывізавала і сваю творчую энергію, стварыла тое, што, мабыць, сталася засяроджваннем усіх яе духоўных і душэўных сіл. Пераклад «Рымскага трыпціха» Яна Паўла ІІ, «Выбранае» з паэзіі Караля Вайтылы. Памянёная ўжо кніга паэзіі «На белых аблоках сноў». Кніга паэзіі «Стакроткі ў вяночак Божай Маці» (да 500-гадовага юбілею Будслава) у выдавецтве «Про Хрысто». Нізкі паэзіі на старонках часопісаў «Наша вера» і «Ave Maria». Эсэ, допісы пра вернікаў, пра людзей Беларусі, пра творцаў — літаратараў і мастакоў.

Гэтыя творы апошняга часу сведчаць пра новую, прасветленую свядомасць. Пра новыя адчуванні. Узрушэнні душы. Пра засяроджанасць усіх сіл душэўных і інтэлектуальных на паслугаванні Таму, Хто адкрыўся душы як жывое ўвасабленне Сапраўднай Ісціны.

Каляды пасярод начы
ступае Божанька па снезе…
……………………………………..
як быццам творыцца Імша
Імша ўрачыстая пад небам
Хрыстовым целам Божым хлебам
святая корміцца душа

Вера — гэта заўсёды надзея на цуд. А цуд — гэта непасрэднае выяўленне магутнасці і дабраты жывога Бога, выяўленне ў кожным індывідуальным выпадку, калі звычныя нормы існавання адступаюць перад прарывам вышэйшага жыцця Духа, які творча, дынамічна перастварае жыццё. І ёсць яшчэ гэты цуд — магчымасць звярнуцца да Яго, спадзеючыся і адчуваючы Яго ласку і абарону:

Ты о Мой Божа і Збаўца да Цябе працягваю рукі
Ты супакой мае думкі ды не трывож мае мукі
Ты не карай сваім гневам заходзь да мяне як дадому

Новая духоўная рэчаіснасць — выяўленне творчай свабоды Божай, непарыўна звязанай з імкненнем чалавека да Бога, выяўленне любові Божай, што ёсць стрыжань і аснова жыцця свету, у якім мае шчасце быць чалавек:

Ты мяне, зерне, пасеяў тут —
я тут расту…
…………………………………………
Ты любоў мне даў як аванс…

І ўсе стварэнні сведчаць пра любоў Божую, усё імкнецца да Бога і прамаўляе славу Богу. А Логас Божы, цэнтр духоўны, асноўны сэнс і асноўны ўнутраны закон жыцця. Усё існуючае неад’емнае ад Яго, усё накіроўваецца да Яго. І Святло свеціць, таму што слава Божая, як «сонечнае святло», «ад рукі Яго праменні» (Абк 3, 4). Прысутнасць Бога для чалавека — прысутнасць Любові, прысутнасць, што ахоўвае, бароніць, выратоўвае.

З гарызантальнай лініі здарэнняў,
якіх так мала,
на вертыкальны экран вартасцяў-ідэалаў,
праекцыі дасканалая форма,
абсалютная, выключная, канчатковая норма
жыцця…

Тая норма, што сведчыць пра блізкасць Божую. А набліжае да Пана Бога моц малітвы, якая ўзвышае, дае надзею… Бязмернае пакланенне перад Усявышнім і дзёрзкасць — поўны давер і ўпэўненасць, што Яго міласэрнасць не абміне таго, хто звяртаецца з малітвай. Апошні па часе друкаваны цыкл вершаў («Наша вера», № 3) так і называецца: «Ойча наш…». Малітва, у якой суцяшэнне і адчуванне адстароненыя ад сферы звычаёвага быцця і набліжаныя да сферы быцця Боскага.

На ўзроўні навяртання, аддання, адхлання,
маўчання, дыхання, благання,
літаніі, ахвяраскладання,
малення да самаспалення…

«Болем сэрца складаю малітву, слязьмі…» — чытаем мы ў Дануты Бічэль. Праз пакуты — набліжэнне да Бога. Бо нешта новае адкрываецца, нешта новае спазнаецца, нейкія глыбінныя сутнасці быцця, глыбіні Божыя… Перастварэнне, навяртанне — праз пакуты, асвячэнне — праз пакуты. Бо для хрысціяніна аснова тая вызнаецца ў добраахвотнай ахвяры, у прынятых на сябе пакутах Сына Божага… Гэта пачатак прысутнасці Боскага ў нас: праз Крыж Пана. На працягу ўсяго жыцця — гэтага высокага Божага дару:

Паспрыяў жа нам Бог нарадзіцца,
прытуліцца, уцелавіцца
у жыцейка ускрай гасцінца…
Бы ў шчаслівы сон — у жыццё.
Дзякуй, мілы Божа, за ўсё.

І ў сваёй удзячнасці Пану Богу Данута Бічэль звяртаецца да Тае, што цалкам прысвяціла Сябе Сыну Божаму, — да Панны Марыі:

… толькі Ты о Прачыстая Маці
         у ясноце жывой пекнаты
Божай ласкі ў стагоддзях не траціць
         цудатворны абраз Твой святы
не пускае ў душу маю бруду
         Твой спакойны абраз на сцяне
адчыні мне нябесны Твой Будслаў…

Божая Маці… Заступніца наша… Да Яе ўвесь час звяртаецца паэтка Данута Бічэль… Пачынаючы з таго, з дзяцінства памятнага: «Ave, Maria, ave…»

За адчутым падчас чытання паэзіі Дануты Бічэль можна многае высловіць, хаця мысліць тут — паводле і з нагоды — не так проста… І пра яе паэзію, і пра пераклады. Лепш звярнуцца да яе паэзіі, якая сёння на той вышыні, што адпавядае адзначанаму Панам Богам жыццёваму часу, калі:

Паміж нас —
між Тваёю зямлёю, Тваімі вышынямі
звініць непарыўная чыстая лінія…

Што тут дадаць?