Данута Бічэль: “Калі захаваецца Беларусь – з’явіцца і літаратура”
2005 11 21
Стварэне праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі для чытачоў Euramost.org ацэньвае вядомая беларуская паэтка Данута Бічэль-Загнетава, былая старшыня гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменікаў, былая загадчыца музея імя Максіма Багдановіча ў Гродне:
– Я гэтую сітуацыю разглядаю так, што не існуе ўвогуле Саюза пісьменнікаў цяпер. Ні таго, ні гэтага! Мы ўваходзім у тое самае рэчышча: есць “лепшыя” і “горшыя” пісьменнікі. І я не думаю, што на пісьменніках спыняцца – пойдуць і па іншых мастацкіх арганізацыях. А падыграць уладзе ахвотнікаў знойдзецца. “Карманны” саюз пісьменікаў патрэбны таталітарнай уладзе. Асабліва перад выбарамі. Пісакі патрэбныя! Ня ведаю, пра што яны цяпер пачнуць пісаць. Але хутка прыйдуць, вядома ж, да тэмы вайны – бо гэта адзінае, на чым можна рабіць прапаганду.
– Ці было для вас нечаканасцю стварэнне новай пісьменніцкай арганізацыі?
– Не, я ведала пра гэтыя планы ўжо некаторы час, з плётак, з папярэдніх размоваў. У Гродне арганізацыяй з’езду займаўся аблвыканкам. Наколькі я ведаю, Амелька запрашаў у дэлегаты. Адзін чалавек мне тэлефанаваў: яго запрасілі – ён хацеў параіцца, што рабіць. Чалавек харошы, я не буду называць прозьвішча, тым больш ня ведаю, ці ён ездзіў… Я глядзела тэлевізію, здаецца, заўважыла з Гродна там толькі Кныша (Рэнальд Кныш, былы трэнер Вольгі Корбут, напісаў кнігу «Так создавалась знаменитость», дзе негатыўна ацаніў сваю былую вучаніцу – аўт.). Са старшага пакалення там былі ў асноўным рускамоўныя пісьменікі. Абсалютна нікога не запрасілі з 40-50-гадовых сябраў Саюза нашага. Ды мы ім проста не патрэбныя. Нашто? Там ёсць свае! Гэты з’езд – гэта людзі, што ствараюць маленькі Савецкі Саюз, тыя, хто служаць верай і праўдай сістэме, нашаму прэзідэнту, тыя, хто сядзіць на бюджэтных харчах.
– І яны цяпер афіцыйна будуць прадстаўляць беларускую літаратуру, так як БРСМ афіцыйна прадстаўляе беларускую моладзь, ці новы Саюз палякаў – польскую меньшасць…
– Але там няма пісьменнікаў, якія складаюць гонар нашай літаратуры, пісьменікаў, якія стварылі нашую літаратуру! Якія жывыя, працуюць, і якім патрэбная сёння падтрымка хаця б маральная, напрыклад, Ніл Гілевіч. Гэтых пісьменнікаў там ня будзе – гэта адназначна! Хаця большасць пісьменнікаў жывуць толькі з пенсіі, ім няма за што купіць для сябе і для жонкі лекі… Я маю няшмат сяброў з літаратараў, усяго некалькі чалавек, але ніхто з іх ня мае сталай працы і сталага заробку. І гэта значыць, што мы не патрэбныя дзяржаве. Мы тут жывём, бо нас, можа, няма куды вывезці…
– Саюз беларускіх пісьменнікаў спадар Чаргінец голасна з трыбуны абвінаваціў у запалітызаванасці. Што б вы маглі адказаць на гэта?
– Як можна жыць у любым краі і не быць запалітызаваным? Як можа чалавек, які займаецца словам, піша – быць па-за палітыкай? Асабліва, калі ён займаецца сучаснай публіцыстыкай, сучаснай культурай, рэлігіяй. Няма апалітычных! Гэта можна недзе ў спакойным краі, атрымаўшы Нобелеўскую прэмію, сесці на беразе акіяна – і быць па-за палітыкай. І нават гэта можна сабе дазволіць на месяц-паўгады! Пісьменнік – ён у палітыцы. Ён жыве жыццём людзей, а гэта і ёсць палітыка!
– А “палітычна непапраўнае” цяпер выкасоўваецца – з медыяў, з падручнікаў. Улічваючы, што дэлегатамі з’езда былі рэдактары тоўстых беларускіх літаратурных часопісаў, ды літаратурных газетаў – ці не варта прадбачыць, што менавіта такі лёс чакае тых пісьменнікаў, хто не ўваходзіць у новую структуру?
– З падручнікаў наўрад ці выкінуць. Я ведаю, што і я там ёсць. Але калі выкінуць – хто ж застанецца: Кныш ці Чаргінец?
– Ці згодныя вы з тым, што гэты з’езд фактычна замацаваў раскол, які адбыўся ў Саюзе беларускіх пісьменікаў ужо даўно?
– Гэта натуральны раскол – у сённяшніх умовах іначай быць не магло. Гэта нават не раскол, проста людзі па-рознаму жывуць. Ведаеце, Саюз беларускіх пісьменнікаў калісьці быў створаны такім самым спосабам, як цяпер гэты новы. Калісці ён таксама спатрэбіўся ўладам. І арганізацыя наша развальвалася ўжо даўно. Але калі на чале яе стаялі такія пісьменікі як Лынькоў, Брыль, Максім Танк, каторыя ўжо мелі ўласныя вялікія літаратурныя набыткі, яны пайшлі на гэтую, чынавенскую пасаду свядома, каб дапамагчы маладым, падтрымаць старых, умацаваць арганізацыю. Пасля на гэтыя пасады трапілі чыноўнікі і праца здрабнела, была збанкрутаваная.
– На чым палягае гэта раскол – гэта матэрыяльнае пытанне, палітычныя прыхільнасці?
– Мне здаецца, што гэта раскол вельмі глыбокі і ён не толькі сярод літаратараў, а ўнутры нашага грамадства. Гэта раскол, я вызначаю, на беларусаў і “акупантаў”. Адныя паводзяць сябе, як захопнікі – гвалтам перарабляюць грамадства і краіну пад сябе. А ёсць беларусы – каторым няма месца ў сваёй Радзіме! І найважнейшае, што яшчэ ёсць беларусы, каторыя паводзяць сябе як “акупанты”, але апраўдваюцца: “я раблю гэта няшчыра, я не такі, я гэта раблю для іх, каб яны ня шкодзілі маёй працы”. Думаюць, што яны чыстыя, але мусяць хлусіць, здраджваць. І ў пісьменнікаў выразна вызначылася гэтае раздзяленне. І я магу сказаць, што ўдзячная за тое, як нашая арганізацыя сканала! Мы – пакутнікі, а пакутваць – добра, ахвяру скласці – добра. Ісці да кармушкі, на ганьбу, нам не прыйшлося. Дзякуй ім за гэта! Гэта з іх цяпер смяюцца. Пісьменнік – ён жа ўсё роўна піша, хаця, канешне, яго прыгнячае, тое, што ён мусіць думаць пра тое, як з’эканоміць 10 тысячаў, бо трэба ўтрымоўваць і сябе, і сям’ю, і ўнукаў…
Ведаеце, я пазнаёмілася з Зоськай Верас, калі ёй было 90 гадоў, але я сябе цяпер адчуваю старэйшай за тую Зоську Верас, якая жыла каля Вільні… Але для маёй натуры гэта час добры! Таму што я кожнаму магу сказаць: “Не”. Што будзе з нашай літаратурай? Гэта дробнае пытанне ў параўнанні з тым, што будзе з нашай нацыяй. Будзе жыць Беларусь – з’явяцца і Купала і Багдановіч! Справа ж не ў імёнах, і ня ў нас. Ну, прападзе стагоддзе! Але калі захаваецца нацыя, народ – навярстаем, з’явіцца літаратура!
Ірына Чарняўка