Женская поэзия

Арсеньева Наталья (Наталля Арсеннева)

Оригинал материала находится по адресу:
nchas.iatp.by/arhiv/21/artyk/12.html

Арсеннеўская восень

«Як не любіць мне восень залатую, калі праз вопратку асін густую тон прабіваецца чырвоны, слаўны тон...» – гэтак дынамічна і лёгка – рытм, рух радка схопліваецца (і захоплівае) з першых жа словаў – пачынаўся адзін з ранніх вершаў Наталлі Арсенневай, сёлетняй стогадовай юбіляркі. Супадзенне тое ці не, але нарадзілася паэтка таксама ўвосень – 20 верасня 1903 года. Акурат такою парою на Беларусі стаіць бабіна лета.

Калі семнаццацігадовая Арсеннева ўпершыню наважылася паказаць свае беларускамоўныя (дарэчы, якраз і прысвечаныя восені) вершы Максіму Гарэцкаму, выкладчыку Віленскае беларускае гімназіі, той са сцэны прачытаў іх на гімназічнай вечарыне, абвясціўшы аўдыторыі, што ў беларускую літаратуру прыйшла паэтка, «большая і за Цётку, і за Буйлянку».
Час паказаў, што Гарэцкі – крытык надзвычай строгі – цалкам меў рацыю, даўшы сваёй вучаніцы такую высокую ацэнку. Наталля Арсеннева - адзіная жанчына-паэтка на беларускім паэтычным алімпе 1920–1930 гадоў – заняла ў літаратуры гэткае годнае месца дзякуючы перш за ўсё дзвюм рэчам (іх, вядома, можна было б назваць папросту – талент): аўтарка мела выключнае адчуванне мовы (мелодыкі фразы і гукавой афарбоўкі слова) ды, што найістотнейшае, здолела ўдала скарыстаць гэты свой дар, знайшоўшы ўласную, непаўторную зместава-тэматычную дзялянку. Карацей казаўшы, Арсеннева пісала так, як не мог пісаць ніхто іншы, апроч Арсенневай. Яе вершы можна было пазнаць, нават калі б пад імі не стаяў подпіс аўтара.
«Арсеннеўская» зместава-тэматычная дзялянка, пра якую тут вядзецца гаворка, не ёсць, зразумела, нейкім аднакампанентным утварэннем. Аднак сярод зместавых «першаасноваў» паэтычнай арыгінальнасці асобныя матывы вылучаюцца найбольш яскрава, праяўляючыся на ўсіх этапах творчага жыцця Арсенневай. Адзін з такіх «скразных» элементаў – прырода.
Тэма гэтая для літаратуры зусім не новая. I, здавалася б, ці магчыма сказаць у ёй нешта такое, што сапраўды прыцягне ўвагу, «загучыць», зробіць чыюсьці творчасць прыкметнаю з’яваю ў літаратурным руху? З Наталляй Арсенневай гэта аказалася магчымым. А сакрэт акурат у тым, пра што пісалася вышэй. Аўтарка знайшла сябе, адчула сябе. Так, на пытанне карэспандэнта газеты «Беларус» пра тое, чаму ў яе ранняй творчасці дамінуе прырода як канва для пачуццяў i настрояў, Арсеннева адказала: «Вось якраз жа таму, што прырода была сугучная i майму характару, i маім адчуванням. Захопленая хараством, чарамі прыроды, у гадах маёй ранняй творчасці асабліва, я не чулася ні самотнаю, ні сумнаю, нi няпэўнаю. У лесе, у палях, «пад сінім небам» я была спакойнаю i вольнай, як нідзе».

Для Арсенневай прыродаапісальная лірыка натуральная, арганічная, «прыродная» – укарэненая ў самую сутнасць паэтычнага светабачання. Нездарма менавіта прыродаапісальныя матывы выконваюць сёння свайго кшталту маркіравальную ролю: калі гучыць імя Арсенневай, ці не першая характарыстыка, якая прыходзіць у галаву (апроч, можа, таго, што аўтарка была эмігранткай) – гэта акрэсленне паэткі як выбітнай пейзажысткі. Пейзажысткі «душы» ў тым ліку. Вобразы прыроды аказаліся глебаю, на якой Н.Арсеннева (асабліва на пачатковым этапе творчасці) наймацней раскрыла свой мастацкі патэнцыял, праявіла сябе як цалкам самадастатковы паэт.

I неяк гэтак жа натуральным выглядае, што прырода для Haтaллi Арсенневай – гэта найперш восеньскія краявіды i восеньскія настроі. «I сваім першым па-беларуску напісаным вершам, i першым вершам друкаваным Наталля Арсеннева пачынала свой шлях як паэтка восені, вобраз восені ад самых гэтых пачаткаў стаўся для яе найбліжэйшым, найулюбёнейшым [...]», – пicaў Антон Адамовіч у біяграфічна-крытычным нарысе (зб. «Між берагамі», Нью-Ёрк–Таронта, 1979), які да сёння з’яуляецца, пэўна, найбольш грунтоўнаю i ідэйна ды фактаграфічна насычанаю крыніцаю пра жыццё i творчасць паэткі.
Цікава, што «паэтка восені» – характарыстыка, трапная не толькі ў змястоўна-тэматычным, але i ў тэхнічным плане. Паэтыку Арсенневай адрознівае вытрыманасць, някідкасць, выкшталцонасць ды арыстакратычнасць. I акурат падобныя рысы маюць восеньскія пейзажы ў абмалёўцы паэткі:

«Смутак невыслоўны», думкі пра таямніцу жыцця – вось што нараджала восеньская прырода ў сэрцы лірычнай гераіні Арсенневай. I, як ні дзіўна, найбліжэй да таго, каб выказаць, уцелясніць у словы гэтую таямніцу, паэтка падышла не ў тонка-настраёвых, пабудаваных на чыста пейзажных матывах вершах зборнікаў «Пад сінім небам» (1927) i «Жоўтая восень» (1927–1937, асобна выдадзены не быў), а ў куды больш «прыземленым», рэалістычным, жыццёвым зборніку «Сягоння» (1944).
У вершах гэтага часу – зноў восень, але восень іншая. Цяпер яе празрыстасць i вытанчаная прыгажосць – крыніца не толькі глыбока асабістых перажыванняў, але i думак пра лёсы іншых людзей. На ранейшым пейзажным фоне прарастае новая праблематыка - агульначалавечая:
Вецер у шкляным галлі мерзлых
шыпшыннікаў звоніць.
Не адгукаецца даль, сытая жоўтай сяўбы...
Ціша асенняга дня, йржавая пустка наўкола...
Цяжка даць веры,
што свет душыць за горла вайна, цяжка даць веры,
што ён аж захлынаецца болем,
чорнай, гарачай крывёй,
мусіць цярпець i канаць !
(«Асенняя дарога»)

Ад ваеннага перыяду для Арсенневай пачынаецца час творчае сталасці. А потым – i час эміграцыі. Чужына яшчэ больш зблізіла паэтку з жыццём, з матэрыяльнымі рэаліямі свету, навучыўшы Арсенневу мужна ўспрымаць разыходжанні паміж наяўным i ўяўным. Цяпер канфрантацыя гэтая ўжо сцішана трагедыйная:
У думках – смерць... жыццё...
жыццё i смерць.
Каго хвалюе тут, што восень поліць
лісцё прысад,
каму
па ix тугу займець?
(«Без песні жураўлінай»)

Калі раней для паэткі i вясна, i восень у роўнай ступені былі крыніцамі светлага суму, жыццёвага гарту ды натхнення (дзіўна, але гэтыя поры году выклікалі такія падобныя пачуцці), дык эміграцыйны перыяд творчасці засведчыў, што ў «восеньскіх» вершах перамагае ўсе ж такі элегічны, хаця і без панурасці, настрой. Восень адольвае, а вясна здаецца ўжо нечым недасяжным: «Адно ці й тут бярэ ў палон вясна муры й сівы бетон - не знаю я». Паводле прызнання паэткі, восень цяпер – «свая ужо».

Арсеннева 1960–1990-х гадоў – мудрая, разважлівая, без маладой гарэзлівасці ды наіўнасці. Але ўсё ж такая восеньская:
Восень, восень, калі ж
напалам перарэжам
мы з табой i ўцеху, i смутак упойны?
Гэтак будзеш ты мной,
з маёй смагай i жалем,
я ж табою,
зыркою i перапялёстай.
Будуць людзі гукаць цябе проста
«Наталяй»,
а мяне клікаць «Восеняй»,
гэтак жа проста.
(«Гэтак будзеш ты мной»)

Знойдзеная на самым пачатку творчага шляху тэма ды ўдала створаны вобраз ператварыліся ў сапраўдную жыццёвую алегорыю. Восень стала для Наталлі Арсенневай найбольш ёмістым сімвалам перажытага.


Таццяна Вабішчэвіч
 

Назад к списку

Поиск

Письмо автору
Карта сайта
 1
eXTReMe Tracker